кому интересно - рецензия...
Іван Сінчук (Менск)
АСКОЛКІ МІНУЎШЧЫНЫ, ЛІЧБАВЫ ФОТААПАРАТ І КАЛЯРОВАЯ ПАЛІГРАФІЯ
Археологическое наследие Беларуси = Archaeological Heritage of Belarus. Мн., 2012 – 192 с.
Альбом “Археалагічная спадчына Беларусі” надрукаваны ў колеры ў вялікім фармаце на мелаванай паперы ў цвёрдай вокладцы накладам у 1500 асобнікаў. Кніга зроблена па ўзору падобных выданняў суседніх дзяржаў і адносіцца да сучаснага заходняга стылю мінімізацыі графічнай фіксацыі і рэканструкцыі, арыентацыі на выкарыстанне выключна фотаздымкаў. Выкарыстаныя зборы больш дзесятка беларускіх музейных установаў (Менск, Віцебск, Гародня, Гомель, Полацк, Шклоў, Ветка, Орша) і аўтарскія матэрыялы звыш 20 беларускіх археолагаў. Складальнік і адначасова адзін з навуковых рэдактараў выдання – доктар гістарычных навук Ляўко В.М. Выданне складаецца з чатырох раздзелаў, у якіх прадстаўлены каменны век, ранні жалезны век, перыяд старажытнай Русі і 14-18 ст. на землях Беларусі. Двухмоўныя руска-беларускія подпісы да фотаздымкаў падаюць назву рэчы, матэрыял, датыроўку, месца знаходкі, год знаходкі, аўтара раскопак, месца захоўвання (часам з нумарам кнігі паступленняў). Памеры ў тэксце пры ілюстрацыях альбо графічны маштаб не прыводзяцца. Надрукавана больш за 1000 фотаздымкаў, але выразнай структуры іх размяшчэння не прасочваецца, фотаздымкі не маюць нават нумарацыі, і, адпаведна, агульнага паказальніка па катэгорыях рэчаў. Калі параўнаць, то аматарскія сайты, напрыклад, domongol.su, значна пераўзыходзяць па дысцыплінаванасці, дакладнасці, якасці апісанняў і празрыстасці структуры альбом з грыфам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Нават прагляд выдання “па дыяганалі” дазваляе заўважыць некаторыя істотныя хібы атрыбуцыі. Калі згрупаваць заўвагі, то атрымліваецца наступнае.
Кафля
Печ на фотаздымку 2004 г. да рэстаўрацыі ў палацы ў Нясвіжы падаецца як печ 17 ст., але мае выразныя рысы апошняй трэці 19 – пачатку 20 ст. (полка паміж ярусамі, відавочная дымаабаротнасць, топка з металічнымі дзверцамі ў корпусе, адкрыты арачны праём другой топкі, канелюры, доўгія каронкі). Па сутнасці, гэта і не печ, а печ-камін.
Зялёнапаліваная сцянная кафля першай пал. 17 ст. з трыма зоркамі ў шчыце з Мсціслава (знаходкі 1981 г.) падаецца як кафля з гербам Мсціслава. Добра вядома, што герб гэтага горада – узброеная мечам рука ў воблацы. Рука з мечам ёсць над гербавай каронай, але яна тут – дадатковы элемент, кляйнот. Сярод прыватных гербаў такі кляйнот ёсць у гербах Прус, Помян, Посвіст, Пагоня, Котвіч і іншых. Гэтая кафля друкавалася супрацоўнікам Музея старажытнабеларускай культуры НАНБ М.М. Яніцкай як кафля з характэрнымі трыма зоркамі ордэна кармелітаў у круглым шчыце, у кляштары у якім яна і была знойдзеная, а літары OC абазначаюць “Ordo Carmelitarum” (ордэн кармелітаў).
Герб, які прадстаўляе сабой залаты паўмесяц і залатую зорку над ім у белым ці блакітным полі на кафлі з музея ў Оршы апісаны як герб Оршы. Але герб Оршы залаты паўмесяц і срэбраны крыж над ім у блакітным полі, што няцяжка праверыць па класічнаму корпусу гарадскіх пячатак Э.Рымшы (падобны на герб Ружыцкі, адрозніваецца ад герба Кіселёўскі крыжом, на апошнім ён залаты ў чырвоным полі). Залатыя паўмесяц з зоркаю ў блакітным полі – гэта добра вядомы герб Леліва ці Годушэўскі, Ельце, Месяц, Пілецкі, Водзіцкі (яны адрозніваюцца кляйнотамі). Герб Леліва можна пабачыць на непаліўной заслаўскай кафлі з раскопак Ю.А.Зайца ў Заслаўі ў 1980 г., якая змешчана ў альбоме.
Ну і, напэўна, ніякага дачынення да герба “Леў”, якім карысталіся князі Заслаўскія, не маюць львы на непаліваных паясковых кафлях 17 ст., што былі адкрытыя Ю.А.Зайцам у Заслаўлі ў 1980 г. – калі прыняць тлумачэнне гэтых львоў як геральдычных, то ўся Беларусь будзе належаць Заслаўскім, бо нават ў альбоме можна знайсці ільвоў прыблізна такога ж выгляду на кафлях з Крычава і Быхава. Леў герба “Леў” стаіць на двух лапах, а не паўзе па зямлі, як на кафлях з Заслаўля.
Паліхромная кафля 17 ст. з раскопак 2009 г. І.А.Марзалюка ў Магілёве можа быць датавана больш дакладна 1660-мі гадамі, бо на гэтым фрагменце са шчытатрымальнікам-львом захавалася частка даты “166…”
Сцянная кафля другой пал. 17 ст. з раскопак І.А.Марзалюка 2008 г. ў Баркалабаве на самой справе з’яўляецца фрагментам верхняй часткі гзымсавай кафлі з надпісам кірылічнымі літарамі пад ільвамі-шчытатрымальнікамі (сустракаюцца і з лацінскімі літарамі). Не зразумелы прынцып адбору ілюстрацый: навошта было друкаваць фрагмент, калі цэлыя экземпляры ўласна такіх кафляў з раскопак І.І.Сінчука 1988 і 1989 г. каля касцёла св. Станіслава ў Магілёве захоўваюцца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.
Непаліваная сцянная геральдычная кафля 17-18 ст. з раскопак 2006 г. В.М.Ляўко ў Шклоўскім замку па фармальных прыкметах не можа быць датаваная 18 ст. Між іншым, тут ёсць агульная праблема: кафля не можа быць датаваная стратыграфіяй, бо печ можа служыць і 50, і 200 гадоў. Можна датаваць кафлю толькі часам вырабу. Для гэтага трэба было б сабраць усе кафлі з датамі (такія сустракаюцца) і распрацаваць тыпалагічную схему з інтэрвальнымі датыроўкамі на падставе датаваных у яўным выглядзе кафляў. На жаль, такога даследавання па беларускім знаходкам кафлі не зроблена.
Манеты
На адной з ілюстрацый залатыя манеты алтуны і дукат выглядаюць зялёнымі. Срэбраныя грыўны Вішчынскага скарбу з раскопак Э.М.Загарульскага 1979 г. выглядаюць залатымі, хоць у яго манаграфіі 2004 г. “Вішчынскі замак XII-XIII стст.” той самы слайд дае нармальны колер металу. Матэрыял зліткаў не паданы, год знаходкі пазначаны чамусьці як 1976-1985 г., грыўны называюцца па-руску без істотнага ўдакладнення “плацёжныя”, ангельскі пераклад “Ingot or monetary grivnas” не супадае з рускім тэкстам, тым больш, носьбіты мовы называюць іх “Ingot of silver” (Spafford P., 1991). На іншых ілюстрацыях срэбраныя манеты надрукаваныя карычневымі (пры апісанні манет амаль ніколі не падаецца дзяржаўная прыналежнасць). Срэбраныя манеты 11 ст. з Ізбішча раскопак 1987 г. таксама маюць на ілюстрацыі карычневы колер.
Да слова, манеты з Ізбішча датуюцца не 11 ст., а 10 ст. У падвесцы ўжыты два куфіцкіх дырхемы (Саманiды, Ахмад б. Iсма‘iл, 907-914 г., з iменем халiфа ал-Муктадзiра, вобласць аш-Шаш, 296/908-09 г.; Аббасiды, халiф ал-Муктадзiр, 908-932 г., з iмем спадчыннiка Абу-л-‘Аббаса, г. Мадзiнат ас-Салам, 298/910-11 г.), два візантыйскія міліярысія (Іаан І Цымісхій, 969-976 г.; Васіль ІІ з Канстанцінам VIII, манета з 977-989 г.) і два саксонскіх пфеніга (Атон ІІ-ІІІ, 973-1002 г.). Паколькі для саксонскіх пфенігаў не маецца мажлівасці дакладна вызначыць манарха (Атон ІІ – 973-983 г., Атон ІІІ – 983-1002 г.), то варта дапусціць, што малодшаю манетаю з’яўляецца міліярысій Васіля ІІ з яго братам Канстанцінам VIII, які адносіцца да 970-980 г. Адпаведна, ўвесь комплекс датуецца 10 ст.
Скарб манет з пач. 18 ст. з Нясвіжа 2002 г., пазначаны як аўтарскія раскопкі А.В.Іова, на самой справе – выпадковая знаходка рабочых пры пракладанні траншэі. У той жа час, скарб 1974 г. з в. Лышчыцы Берасцейскай вобл. не лічыцца “аўтарскім” скарбам археолага Л.Д.Побаля, які перадаў яго ў музей у 2001 г. Дарэчы, пра апошні скарб чамусьці не напісана, што пададзена толькі 10 манет з амаль сотні. Размешчаны яны дзіўна: побач гарызантальна, ў адзін радок два аверсы, потым два рэверсы ад двух манет, што рабіць, рэч ясная, было не варта. Уласна, так нетрадыцыйна яны былі надрукаваныя ў альбоме “Музей старажытнабеларускай культуры” 2004 г., адкуль амаль ўсе фотаздымкі з раздзелаў “Археалогія” і “Кераміка” перакачавалі ў новую кнігу ІГ НАНБ.
Нейкім чынам у выданне трапіла манета, якая вызначана як польскі глогаўскі грош Казіміра 1505-1506 г. Яна паходзіць з прыватнай калекцыі і прадстаўленая толькі адным бокам з Пагоняй. Атрымліваецца, што ў прыватнай калекцыі была археалагічнага паходжання манета. Да таго ж, прыведзены толькі бок з легендаю KAZIMIRI R POLONIE NATVS (Казіміра караля польскага сын), на ім няма даты пад Пагоняй. Не прыведзены больш істотны бок з іменем і тытулам эмітэнта SIGIZMVNDVS DVX GLOGOWIE (Сігізмунд князь глогаўскі) і з выяваю дзяржаўнага герба Польшы Белага арла. У Глогаве ў 1498-1506 г. сапраўды біліся грошы. Грош ў 1505 і 1506 г. быў біты з датай пад Пагоняй. Паколькі даты пад Пагоняй на манеце з фотаздымка няма, то гэта грош без даты, які быў біты ў 1498-1504 г. Не дрэнна было б назваць манарха і патлумачыць, што глогаўскі і апольскі князь Жыгімонт (1467-1548) стаў у 1506 г. вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам I (Старым).
Нібыта літоўскі паўгрош варыянта d 1492-1506 г. Аляксандра з раскопак 2005 г. В.М.Ляўко ў Шклоўскім замку з ніжняй часткі пабудовы 16 ст., на жаль, ніякага дачынення да вялікага князя Аляксандра не мае, што бачна нават па фотаздымку. На самой справе гэта драйпёлькер 1633 г. Густава Адольфа (1621-1632) прыбалтыйскіх уладанняў Швецыі, менавіта Эльблёнга з анахранічнай датай (па Э.Капіцкаму 1995 № 9613). Магчыма, што гэта сучаўскі фальсіфікат, таму што вядомыя эльблёнгскія драйпёлькеры Густава Адольфа нават 1635 г. На фота адзін край манеты падрэзаны пры вёрстцы і зараз два фотаздымкі выглядаюць як здымкі двух розных манет.
Рэч невызначанага металу з лацінскаю легендаю і выяваю ружы з раскопак В.Н.Ляўко 2008 г. у Віцебску, якая названая падстаўкай 18-19 ст., вельмі падобная на невялікую (адносна падстаўкі) тэкстыльную пломбу 17 ст.
Каталіцкі медальён 17 ст. з раскопак 2002 г. В.М.Ляўко са Шклова з выразнымі подпісамі святых (Алаізій, Ігнацій і Францыск) не атрыбутаваны, а ў іншых месцах кнігі каталіцкія медальёны ў горшым стане добра вызначаныя і падпісаныя.
Шкло
Шкляное начынне др. пал. 17 ст. з моцна адагнутым шырокім венчыкам без жгутавага паддона з раскопак А.В.Іова 2008 г., якое вызначана як шкляніца, хучэй за ўсё, рэзервуар лампадкі, што масава трапляюцца каля культавых помнікаў 17-18 ст.
Бутыль 17 ст. з раскопак 2008 г. В.М.Ляўко ў Оршы вельмі нагадвае шарападобныя сплошчаныя ў ніжняй частцы бутэлькі другой пал. 18 ст., вядомыя з добра датаванага слоя з раскопак Калінінграда 2006 г. Я.А.Калашнікава.
Рознае
Выпадковая знаходка 2000 г. з в.Брылі Барысаўскага раёна, паводле тэксту подпісу, паходзіць з раскопак А.В.Іова і І.Н.Рабцэвіча (так замест В.Н.Рабцэвіча). Зразумела, што першае выключае другое, і наадварот: альбо выпадковае, альбо з раскопак.
Агульны подпіс ”гліна”, напэўна, павінен быць іншым, кшталту абпаленая гліна, тэракота ці каменны тавар. Аднойчы мільгануў подпіс пры сякерах 17-18 ст. “метал“, ён павінен быць больш дакладным, напрыклад – “жалеза”.
Бронзавыя рэчы з ювелірнай майстэрні 17 ст. з Полацка з раскопак Дз.У.Дука 2005 г. больш нагадваюць рэчы кравецкай майстэрні – гэта гаплычкі, іголкі, гузікі, мацавальныя прымерачныя булаўкі, напарстак.
Аднакручковая блясна 16 ст. з раскопак 1991 г. В.М.Ляўко ў Гарадзішчы выклікае здзіўленне, бо блясна ў сучаснага чытача асацыіруецца са спінінгам, які з’явіўся ў др. пал. 19 ст. у Англіі. Варта было напісаць, што блясна ўжывалася для зімовай рыбалкі спосабам адвеснага вужэння ў лунцы ці з лодкі альбо для праводкі “дарожкай”. Тут прыдалася б у легендзе даўжыня і вага прылады. Можна толькі здагадвацца, што гэта доўгая (да 20 см) блясна для праводкі ў дарожцы тыпу I па класіфікацыі А.В. Кузы.
Двухбаковы састаўны грэбень з раскопак 1999 г. В.М.Ляўко з Друцка ўпэўнена датуецца аўтарам сцісла 11 ст. Тут становіцца зразумелым, што не пашкодзіла б па ўсяму альбому ўдакладненне падстаў датыроўкі рэчаў – ці то стратыграфічная, ці то па стратыграфічна датаваных аналагах, ці то тыпалагічная датыроўка. На думку Б.А.Колчына ў Ноўгарадзе двухбаковыя састаўныя грэбні з’яўляюцца ў сярэдзіне 12 ст. і паступова выходзяць з масавага ўжытку ў канцы 13 ст.
Гарадзенскі туясок 12-13 ст. з раскопак Старога замка ў Гародні Трусава А.А. 1985-1989 г. падаецца як рэч з графіці. Зразумела, што маленькі туясок пяць гадоў не выкопвалі, ды і тэрмін “графіці” больш прыдатны да прадрапаных надпісаў на помніках дойлідства, прынамсі, у адносінах да берасцяных грамат ён не ўжываецца. Удакладніць звесткі самастойна па названай рэчы цяжка, паколькі месцы публікацый прадметаў не падаюцца, у адрозненне, напрыклад, ад альбому “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-XVIII стагоддзяў” Н.Ф.Высоцкай, дзе гэта зроблена метадычна і сэнсоўна.
Керамічная плітка з выявай ганчара 17-18 ст. наогул акрамя датыроўкі нічога больш не мае ў сваёй метрыцы, нават не вядома, ці яна з Беларусі.
Фрагмент паліхромнай талеркі з архітэктурным пейзажам у стылі рамантызму з градацыямі колеру з раскопак В.М.Ляўко 1993 г. у Оршы датуецца даследчыцай 17 ст., але гэта напэўна 19 ст.
Рэчы культу
Абразок-змеявік без датыроўкі з раскопак П.Ф.Лысенка ў Берасці не варта было так вызначаць (нават следам за аўтарам), бо змеявікі не называюцца абразкамі.
Фёдар Страцілат ніколі не быў архангелам, як памылкова падана ў легендзе да медальёна 15 ст., што выпадкова быў знойдзены ў Юравічах Калінкавіцкага р-на (подпіс без даты знаходкі і месца захоўвання). Ён быў вялікапакутнікам. Медальён паўтарае двустворчаты змеявік 13 ст. “Св. Фёдар Страцілат”, аглавіе мадыфікавана, ён мог паўстаць не толькі ў 15 ст. але і пазней.
Побач паданы амулет-змеявік 14 ст. з выяваю Хведара-воіна з раскопак 1995 г. С.В.Тарасава ў Полацку. Паколькі захавалася адна створка з гладкім абаротам, то варта было напісаць, што ўдакладненне “змеявік” было зроблена па аналагам. Засмучае той факт, што подпісы не уніфікаваныя Хведар Страцілат (Ваеначальнік) і Хведар-воін гэта адзін і той жа святы.
Падвеска манетавідная з княскім знакам 12-13 ст. з раскопак Т.С.Бубенькі 1983 г. у Віцебску на самой справе круглы медальён з выявай дэградаваўшага працветшага крыжа візантыйскага выгляду. Паўстае міжволі пытанне, ці варта было называць падвеску манетавіднай з-за таго што яна круглая, тым больш у адносінах да падвескі, датыроўка якой супадае з безманетным перыядам. Выява медальёна можа быць апісаная як працветшы якар альбо падобная да яго грэцкая літара "гамма", што ўжывалася як эўфімістычны хрысціянскі сімвал Crux dissimulata. Форма для адліўкі падобнага медальёну знойдзеная ў Цверы ў яме датаванай манетамі канца 15 – 16 ст.
Варта было ўдакладніць, што створка літога абразка-складня з эмаллю з выяваю Маці Божай з прадстаячымі 18 ст. з раскопак Г.М.Сагановіча 1986 г. на тэрыторыі Багаяўленскага манастыра ў Полацку з’яўляецца стараабрадніцкім абразком расейскай вытворчасці. Больш таго, паколькі ўжыта эмаль і аглавіе імітацыённае, то яго можна датаваць другой пал. 19 ст. Дарэчы, у адносінах да складняў традыцыйна ўжываецца вызначэнне меднае ліццё, а не бронза, як падана ў тэксце альбому.
Нацельны крыж з раскопак В.М.Ляўко 2003 г. у Копысі, які датаваны 14-18 ст., стылістычна па доўгім “хвалістым” рукам Хрыста і выцягнутаму тулаву датуецца канцом 16 – 17 ст., аб чым нескладана даведацца са стаўраграфічных даследаванняў.
Нацельны крыж з раскопак А.В.Іова 1997 г. Снядзінскага магільніка ў Петрыкаўскім раёне, які датаваны 16 ст., тыпалагічна датуецца другой пал. 17 – пач. 20 ст.
Некаторыя энкалпіёны нібыта спалучаюць тэхніку ліцця і разьбы, а на самой справе яны не рэзаліся, а былі прачаканены альбо падпраўлены разцом.
Энкалпіён з раскопак П.Ф.Лысенкі ў Берасці апісваецца як напрастольны, што не можа быць – энкалпіёны бываюць толькі наперснымі.
Энкалпіён 12 ст. з Берасця з раскопак П.Ф.Лысенка 1969 г., калі меркаваць па інкрустацыі, хутчэй адносіцца да 13 ст. Гэты машчавік паходзіць са слоя 14 ст., у корпусе энкалпіёнаў датаваны на 12-13 ст., і год раскопак паданы іншы – 1968 г. (Корзухина Г.Ф., Пескова А.А. Древнерусские энколпионы: Нагрудные кресты-реликварии XI-XIII вв. Санкт-Петербург, 2003. IV.3.3/2).
Шчырую зацікаўленасць чытачоў-мастацтвазнаўцаў выклікаў энкалпіён 12 ст. з Полацка з раскопак Дз.У.Дука 2007 г., на якім раставая постаць апісваецца як выява князя Глеба з Сафійскім саборам у руцэ. Справа ў тым, што даследчыкі энкалпіёнаў дагэтуль не высвятлілі, які сабор трымае князь і прынцыпова апісваюць ўсе барысаглебскія энкалпіёны проста як “крыжы з выявай князя з саборам у руцэ” (Корзухина Г.Ф., Пескова А.А. Древнерусские энколпионы: Нагрудные кресты-реликварии XI-XIII вв. Санкт-Петербург, 2003). Але, калі гаршок 13 ст. з выразным кляймом на донцы ў выглядзе сучаснай кірылічнай літары Ф з раскопак І.А.Марзалюка 2005 г. на Замчышчы ў Магілёве апісваецца ў альбоме як гаршок з кляймом у выглядзе знака Рурыкавічаў, то гэта падважвае давер і да іншых подпісаў альбома.
* * *
І напрыканцы. Незразумела, чаму на кожным развароце альбому злева зверху на палях паўтараецца на двух мовах загаловак “Летопись белорусской археологии / The Annals of the Belarusian Archaeology”, а кніга называецца інакш – “Археологическое наследие Беларуси = Archaeological Heritage of Belarus”.
Археологическое наследие Беларуси
Модераторы: Грiгорiй, balu, dinoeL
Re: Археологическое наследие Беларуси
www.usp.by
Re: Археологическое наследие Беларуси
Alexсаныч,
дайце, калі ласка, спасылачку.
(у сэнсе, дзе надрукавана)
Добра так Іван Іваныч прайшоўся
дайце, калі ласка, спасылачку.

Добра так Іван Іваныч прайшоўся

Errare humanum est
Re: Археологическое наследие Беларуси
выбачайце за затрымку адказа...Custorz писал(а):дайце, калі ласка, спасылачку.(у сэнсе, дзе надрукавана)
Добра так Іван Іваныч прайшоўся
Надрукавана ў новым нумары Гістарычнага альманаха, які выходзіць ў Гародне. Ва Паўцінне нумар не трапіць...
www.usp.by
Re: Археологическое наследие Беларуси
Дзякую!Alexсаныч писал(а):выбачайце за затрымку адказа...Custorz писал(а):дайце, калі ласка, спасылачку.(у сэнсе, дзе надрукавана)
Добра так Іван Іваныч прайшоўся
Надрукавана ў новым нумары Гістарычнага альманаха, які выходзіць ў Гародне. Ва Паўцінне нумар не трапіць...

Errare humanum est